ГРУЗАПАДЫМА́ЛЬНАЯ МАШЫ́НА,
машына або прыстасаванне для перамяшчэння грузаў, людзей у вертыкальнай або нахіленай плоскасці. Да грузападымальных машын адносяцца: грузавыя і пасаж. ліфты; пад’ёмныя краны; шахтавыя, скіпавыя, будаўнічыя і інш. пад’ёмнікі, аўтапагрузчыкі, дамкраты, талі, блокі, паліспасты, калаўроты і інш. Для пад’ёму і апускання людзей выкарыстоўваюць клеці і кабіны, для штучных грузаў — розныя крукі і захопы, для сыпкіх — бодні, каўшы і інш.
Грузападымальныя машыны бываюць стацыянарныя і перасоўныя, з прыводам электрычным, гідраўлічным, ад рухавіка ўнутр. згарання і інш. Звычайна складаюцца з каркаса, механізма пад’ёму, грузанясучай канструкцыі. Многія грузападымальныя машыны забяспечваюцца грузазахопнымі прыстасаваннямі, самаходныя — механізмам перасоўвання, паваротныя — механізмам павароту. Грузападымальнасць ад некалькіх кілаграмаў да некалькіх сотняў тон.
т. 5, с. 455
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)